8 лютага – 104-я гадавіна з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа

8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна нарадзіўся Іван Мележ.

8 лютага – 104-я гадавіна з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа

Іван Мележ стаў упоравень з Шолахавым і іншымі класікамі

Пісьменнік прызнаваўся ў сваёй аўтабіяграфіі, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны не ведаў больш сучасных твораў, чым «Вайна і мір» Льва Талстога і «Ціхі Дон» Міхаіла Шолахава. Воляй лёсу Іван Паўлавіч апынуўся ў той суровы час выпрабаванняў на растоўскай зямлі, а напісаўшы ў пасляваенны час сваю «Палескую хроніку», сам стаў упоравень з Шолахавым, Фадзеевым, Граніным, Астаф’евым, Іскандэрам…
«Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі» прысвяціў класік свой знакаміты твор, які захапляе і каларытнай мовай, і веданнем сапраўднага сялянскага жыцця. Палешукоў пісьменнік узняў да сусветных вышынь, ці не таму і праз дзесяцігоддзі малая радзіма памятае яго, услаўляе і ўганароўвае.
Пасля заканчэння школы (у пачатковую хадзіў у Глінішчы, у школу моладзі дабіраўся ў Алексічы, а сярэднюю заканч­ваў у Хойніках) Іван Мележ накіраваў свой выдатны атэстат у Маскву, у Інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але спасцігла адмова. Вярнуўшыся, у 1939 годзе працаваў у камсамоле, аб’ездзіў раён і згадваў, што «гэты год даў мне багата больш, чым любая вучоба ў любым інстытуце».
Іван Паўлавіч пачынаў з вершаў, і першы твор яго быў змешчаны ў «Чырвонай змене». Удалай атрымалася яго другая спроба паступіць у жаданы інстытут. Вельмі карысным быў гэты час паглыблення ведаў, стрэч з масквічамі і піцерцамі – студэнтамі літаратурнага інстытута. Аднак з першага курса быў прызваны ў армію, планы былі пасля службы вярнуцца ў сваю ВНУ, але пачалася вайна.
У аўтабіяграфіі Іван Мележ пазначае: «Хоць нас загадзя папярэджвалі, што вайна непазбежна, хоць мы і самі ў думках рыхтавалі сябе да яе, яна аказалася ўсё ж нечаканай, незвычайнай, непараўнана ні з чым страшнай бядою. Доўга балюча гнёў душу разлад паміж нядаўняй лагоднасцю, маладой любоўю да зямлі, да жыцця і жореткасцю бамбёжак, страхоццем першых пажараў і першых смерцяў… Былі цяжкія дарогі адступлення, крывавыя баі на Збручы, дзе наша батарэя цэлы дзень білася з нямецкімі гарматамі і мінамётамі, з нямецкімі бронемашынамі і танкамі. Мы тады так і не адступілі, пакуль не прыйшоў загад. Былі ўпартыя баі пад Уманню, дзе мы ўпершыню ўбачылі, як немцы кідаюць зброю і ранцы. Былі потым баі ў акружэннях – адным, другім, трэцім. Месяц стаялі на Дняпры, пад Сінельнікавым, адбівалі немцаў, што спрабавалі прарвацца цераз Дняпро на ўсходні бераг. Халоднай восенню мы вызвалялі Растоў, зімой бралі Лазавую і Барвенкава…»
Калі параніла, Іван Мележ цудам, дзякуючы растоўскаму хірургу Антонаву здолеў зберагчы правую руку і ў пасляваенны час заўсёды шчыра ўзгадваў гэтага прафесіянала. Свае першыя апавяданні будучы пісьменнік пісаў левай рукою ў Тбілісі.
Народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій, літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, шматлікіх іншых рэгалій, Іван Паўлавіч Мележ актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: быў старшынёй беларускага аддзялення таварыства «СССР – Францыя», старшынёй Беларускага аддзялення Камітэта абароны міру, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Сціплы, шчыры, добразычлівы – такім яго ўзгадвалі на сустрэчах старэйшыны-палешукі з Глінішчаў, Каранёўкі, Алексічаў, Хойнікаў…
Пісьменнік-зямляк Барыс Сачанка пісаў: «…зусім добра помню, як пайшоў неяк з бацькам на базар у Хойнікі і мо з гадзіну таптаўся ля кніжнага кіёска, за шклом якога стаяла кніга земляка-пісьменніка. Калі ж кіёск, нарэшце, адчыніўся і я завалодаў тою кнігаю – гэта быў «Мінскі напрамак», тут жа разгарнуў, пачаў чытаць. Быў сухі ліпеньскі поўдзень, ня­шчадна паліла сонца, міма па дарозе ішлі, ехалі на падводах, абдаючы мяне пылам, людзі, а я стаяў, зачараваны першымі радкамі той кнігі.
Уразіла, да глыбіні душы кранула, крамсанула па сэрцы тое, пра што пісаў Мележ».
У далёкія ўжо шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя Іван Паўлавіч выказваў меркаванне, з якім нельга не пага­дзіцца і сёння, у веку дваццаць першым: «Не разумею, ніяк не магу зразумець, як можна лічыць цяперашнія кнігі пра гераізм людзей на вайне не сучаснымі, у наш час, калі ў свеце амаль заўсёды пахне ваеннай навальніцай. Думаецца, не варта пагарджаць і кнігамі, якія расказваюць пра ўчарашні дзень: сучасным маладым людзям вельмі не шкодзіць ведаць, як здабывалася шчасце бацькамі для іх, колькі поту і крыві яно каштавала. Не ведаючы таго, што расло ўчора на нашай зямлі, нельга зразумець таго, што расце сёння, убачыць загадзя, што будзе заўтра, нельга любіць па-сапраўднаму сваю зямлю, свой дзень!..»